Russia is waging a disgraceful war on Ukraine.     Stand With Ukraine!
Share
Font size
Original lyrics

Пагоня lyrics

Толькi ў сэрцы трывожным пачую
За краiну радзiмую жах, -
Ўспомню Вострую Браму сьвятую
I ваякаў на грозных канях.
 
Ў белай пене праносяцца конi,
Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць -
Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць.
 
У бязьмерную даль вы ляцiце,
А за вамi, прад вамi - гады.
Вы за кiм у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхi вашы йдуць i куды?
 
Мо яны, Беларусь, панясьлiся
За тваiмi дзяцьмi ўздагон,
Што забылi цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?
 
Бiце ў сэрцы iх - бiце мячамi,
Не давайце чужынцамi быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамi
Аб радзiмай старонцы балiць.
 
Мацi родная, Мацi-краiна!
Ня ўсьцiшыцца гэтакi боль…
Ты прабач, Ты прымi свайго сына,
За Цябе яму ўмерцi дазволь!..
 
Ўсё лятуць i лятуць тыя конi,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць.
 

 

Comments
Read about music throughout history